Дзень Волі ў Беластоку

Беларусы Беласточчыны рыхтуюцца годна адзначыць Дзень Волі.

Сёлета на 25-га сакавіка прыпадае сотая гадавіна абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, нагадвае «Радыё Рацыя».

Як кажа старшыня Беларускага саюзу ў Польшчы, сябра аргкамітэту святкавання Яўген Вапа, падрыхтоўка пачалася загадзя, яшчэ паўгода таму:

– Наш арганізацыйны камітэт цягам апошніх месяцаў сустракаецца даволі часта. Сярод іншага, за справы звязаныя з графічным выяўленнем адказвае Юрка Асеннік. За сцэну, за музычнае афармленне адказвае Ілона Карпюк.

Таксама ў працы аргкамітэту ўдзельнічаюць: Алег Латышонак, Славамір Іванюк, Барбара Пякарская, Тамаш Суліма ды іншыя беларусы Падляшша. Яны трымаюцца прынцыпу, што самае галоўнае – гэта арганізаваць сапраўднае свята. Працягвае Яўген Вапа:

– Па-першае, мне хочацца павіншаваць усіх беларусаў, нягледзячы на тое, дзе яны жывуць – у Беларусі ці расцярушаныя па ўсім свеце, з гэтым святам. Гэта тая векапомная дата, якая назаўсёды паклала падмурак пад дзяржаўнасць, суверынітэт Беларусі, як палітычнай нацыі, і імкнення да незалежнай дзяржавы.

Асноўная праграма святкаванняў у Беластоку пачнецца 25 сакавіка а 15-ай гадзіне ў Падляшскай оперы і філармоніі па вуліцы Падлесьнай. Раней, а 10-ай гадзіне – беларускамоўнае набажэнства ў царкве святога Яна Тэолага.

Источник