Гарадзенцы: Сярод самых вялікіх адраджэнцаў – Вацлаў Ластоўскі

У Гародні прайшла сустрэча памяці выбітнага беларуса.

Гарадзенскія гісторыкі, краязнаўцы, літаратары ўзгадалі на сустрэчы інтэлектуальнага клуба «Паходня ісціны» Вацлава Ластоўскага, перадае «Радыё Рацыя».

Літаратарка Ала Петрушкевіч захапляецца дзейнасцю Вацлава Ластоўскага: «Сярод самых вялікіх адраджэнцаў – Вацлаў Ластоўскі. Асоба незвычайная. Чалавек фактычна без адукацыі і стаў акадэмікам. Чалавек, які не меў асаблівай палітычнай аўры, вырастаў, абсалютна далёкі ад гэтага ўсяго, і становіцца ў нейкім часе прэм’ер-міністрам БНР».

Для краязнаўцы Алеся Госцева Вацлаў Ластоўскі – асоба, пра якую ён даведаўся зусім нядаўна, 25-30 гадоў таму: «Пра Вацлава Ластоўскага пачуў не надта рана. Савецкая адукацыя была такая, што акрамя Скарыны на той час ніводнага імя беларускага культурнага дзеяча не маглі назваць. І дзякуючы таму, што, па-першае, зацікавіўся краязнаўствам, ужо недзе ў сярэдзіне 80-х гадоў да мяне пачалі даходзіць такія славутыя імёны беларусаў, як, у прыватнасці, Вацлаў Ластоўскі».

На сустрэчы распавядалі пра тое, як Вацлаў Ластоўскі быў звязны з Гародняй і асобамі, якія пражывалі і працавалі ў гэтым горадзе. Наступная сустрэча клуба «Паходня ісціны» будзе прысвечана стваральніку музея ў Гудзевічах Алесю Белакозу.

Источник