Гісторыя палешука, які прыдумаў валавы ўнутраны прадукт і атрымаў Нобелеўскую прэмію

Адкрыцці ўраджэнца Беларусі змянілі сусветную эканамічную навуку.

Калі размова заходзіць пра дасягненні беларусаў, хтосьці адразу згадвае ў адным сказе Нобеля і Алексіевіч — і ўсё гэтым абмяжоўваецца. Праўда ж у тым, што выхадцаў з Беларусі, якія паспяхова шчыравалі ў сваёй галіне, вельмі шмат. Іншая справа, што дасягаць поспехаў ім часта даводзілася не на сваёй зямлі. Адным з выбітных навукоўцаў лічыцца выхадзец з Палесся Сайман Кузнец. Onliner распавядае пра чалавека, які змог цалкам змяніць сусветную эканоміку, вывесці «крывую Кузняца» і атрымаць Нобелеўскую прэмію.

Тры гарады, з якіх усё пачалося: Столін, Пінск і Роўна

Гісторыя нобелеўскага лаўрэата пачынаецца з Палесся. Па некаторых дадзеных, бацька Саймана — Абрахам — паходзіў са Століна, але ў пошуках лепшага жыцця перабраўся ў суседні Пінск. У шлюбе з жонкай Пешай у яго нарадзіліся тры сыны, і другога назвалі Шыменам. Гэта імя потым будзе зменена на Сайман. Праз восем гадоў сям’я пераязджае ў Роўна, на радзіму маці хлопчыка, бацька ж застаецца ў Пінску. Затым, у 1915-м, у сям’і Кузняцоў пачынаецца сапраўдны рух: сям’я пераязджае ў Харкаў, ратуючыся ад наступу фронту Першай сусветнай вайны.

Бежанцам там адвялі будынак тэатра, але ён быў мала прыстасаваны для жыцця. Сілу Сайман бачыў у ведах, толькі ўмоў для іх атрымання не знаходзілася. Аднак хлопца было складана спыніць: ён ужо адвучыўся ў пінскім і ровенскім вучылішчах і глядзеў далей.

Наперадзе яго чакала харкаўскае вучылішча, пасля якога Кузнец паспяхова трапіў у Харкаўскі камерцыйны інстытут. Тут ён вывучаў эканамічныя навукі, статыстыку, гісторыю і матэматыку. Навучанне Саймана адбывалася пад кіраўніцтвам вядомых выкладчыкаў, у ліку якіх быў і Пётр Фамін — адзін з піянераў выкарыстання матэматычных і матэматыка-статыстычных метадаў у эканамічным аналізе. Дарэчы, менавіта ў гэтым інстытуце Кузнец знаёміцца з прагрэсіўнай на той момант тэорыяй інавацый і дзелавога цыклу Джозэфа Шумпетара і робіць яе крытычны аналіз.

Але марам пра паўнавартаснае набыццё адукацыі дадзена было спраўдзіцца нашмат пазней. У Расійскай імперыі пачыналася Грамадзянская вайна. У гэты час Сайман супрацоўнічаў з новай савецкай уладай, працаваў ва ўстанове Цэнтральнага савета прафсаюзаў і сваю першую навуковую працу надрукаваў менавіта там. Яна называлася так: «Грашовая заработная плата рабочых і служачых фабрычна-завадской прамысловасці г. Харкава ў 1920 годзе». У ёй навуковец даследаваў дынаміку зарплаты і раздзяленне даходаў у залежнасці ад сістэмы аплаты працы.

Читайте также:  10 величайших побед белорусов

Далей быў Рыжскі мірны дагавор 1921 года. Пінск і Роўна адышлі да Польскай Рэспублікі, і Кузняцы атрымалі права рэпатрыяцыі ў Польшчу. У 1922-м сям’я пакінула Украіну і з’ехала ў Варшаву, адтуль — у Данцыг. Затым Сайман выехаў у ЗША, дзе ўжо знаходзіўся ягоны бацька. Апошні збег у Штаты пасля прысваення буйной сумы грошай з банка, у якім працаваў. Абрахам Кузнец змяніў прозвішча на Сміт і пачаў новае жыццё. Хутка да яго далучыўся і сын.

Спачатку быў Нью-Йорк

Гэта быў пераезд у горад, які абяцаў спраўдзіць усе мары. У Нью-Йорк Сайман прыбыў 7 сакавіка 1922 года. Новая краіна — новае жыццё, і змены сапраўды пачаліся з яго паступленнем у Калумбійскі ўніверсітэт. У 1923-м Кузнец атрымлівае ступень бакалаўра, праз год — ступень магістра, а яшчэ праз два становіцца доктарам навук. На той момант Сайману не споўнілася нават 30 гадоў.

Пасля ён далучаецца да Нацыянальнага бюро эканамічных даследаванняў, дзе працуе да 1961-га разам з вядомым эканамістам Уэслі Мітчэлам. Менавіта там Кузнец пачынае развіваць наватарскія даследаванні нацыянальнага даходу ЗША. Да таго ж навуковец займаецца рахункамі нацыянальнага даходу — зараз яны з’яўляюцца аднымi з асноўных крыніц дадзеных аб агульнай эканамічнай актыўнасці ў Штатах. У іх Сайман змог улічыць нават статыстыку 1869 года.

Эмігрант з Палесся, які прыдумаў канцэпцыю валавога ўнутранага прадукту

У 1934 годзе Кузнец прапанаваў план, які зрабіў рэвалюцыю ў эканоміцы, — гэта была канцэпцыя валавога ўнутранага прадукту, які адлюстроўвае рынкавы кошт тавараў і паслуг. У 1944-м ВУП стаў асноўным інструментам для вымярэння нацыянальнай эканомікі, застаючыся такім і цяпер. Сайман раскрытыкаваў абмежаванні, уласцівыя эканамічным мадэлям: па яго меркаванні, надзейныя вынікі могуць быць атрыманы толькі пасля вялікай колькасці назіранняў. Кузнец настойваў, што эканамічныя працы павінны забяспечваць дакладны вынік, а для гэтага вымушаны ўключаць звесткі аб насельніцтве, тэхналогіях, якасці працоўнай сілы, структуры ўрада, гандлі і рынках.

Потым была Другая сусветная вайна, падчас якой Сайман кардынальна змяніў свае зацікаўленні: ён стаў намеснікам дырэктара Бюро планавання і статыстыкі Савета па ваеннай вытворчасці і пачаў ацэньваць, ці магчыма пашырыць узбраенне амерыканскай арміі. Такім чынам, Кузнец стаў эканамічна забяспечваць яе ваенныя дзеянні.

Читайте также:  День России: роковое закулисье праздника

Дарэчы, навука была не адзінай галіной, у якой шчыраваў Сайман. Паралельна з даследаваннямі ён займаўся выкладаннем ва Універсітэце Пенсільваніі, а ў 1954-м перайшоў ва Універсітэт Джона Хопкінса. У гэтай установе Кузнец займаў пасаду прафесара палітычнай эканоміі ажно да 1960 года. З 1961-га да сваёй адстаўкі ў 1970-м Сайман выкладаў у прэстыжным Гарвардзе.

Пра поспехі даследчыка чула не толькі Амерыка: урады Кітая, Японіі, Індыі, Карэі, Тайваня, Ізраіля таксама запрашалі яго працаваць для стварэння нацыянальных сістэм эканамічнай інфармацыі. І таму хутка адбылося чаканае: Кузнец пачаў кіраваць істотнымі даследаваннямі і заняў шэраг пасад у інстытутах розных краін.

Нобелеўская прэмія і «крывая Кузняца»

1971 год стаў часам, калі ўклад Саймана ў эканоміку прызнаў увесь свет, — вучонаму прысудзілі Нобелеўскую прэмію. Тлумачэнне гучала так: «за эмпірычнае абгрунтаванае тлумачэнне эканамічнага росту, якое прывяло да новага, больш глыбокага разумення як эканамічнай і сацыяльнай структуры, так і працэсу развіцця». Што высветліў Кузнец? Эпоха «сучаснага эканамічнага росту» пачалася ў Паўночна-Заходняй Еўропе, затым распаўсюдзілася на Поўдзень і Усход, дасягнуўшы Расіі і Японіі яшчэ да канца XIX стагоддзя. Даследчык устанавіў, што даход на душу насельніцтва павялічваўся кожныя дзесяць гадоў на 15 і больш працэнтаў.

Але гэта было не ўсё. Шырокавядомай стала адна з гіпотэз Саймана пад назвай «Крывая Кузняца». Яна абвяшчала, што ў краінах, якія стаяць на пачатковых прыступках эканамічнага развіцця, няроўнасць даходаў спачатку ўзрастае, але па меры росту эканомікі змяншаецца. Пазней на падставе гэтай здагадкі эканамісты Джын Гросман і Алан Кругер стварылі «экалагiчную крывую Кузняца». Вучоныя выказалі меркаванне, што з ростам унутранага нацыянальнага прадукту стан навакольнага асяроддзя на пачатковым этапе будзе пагаршацца, але пасля павелічэння дабрабыту людзі пачнуць клапаціцца аб экалогіі. Значыць, сітуацыя палепшыцца. Прывітанне, Грэта Тунберг.

Падводзячы кароткія высновы, адзначым, што за сваю кар’еру Сайман апублікаваў больш за 30 кніг і больш за 200 артыкулаў, многія з якіх адкрылі новыя напрамкі даследаванняў. Але істотней тое, што Кузнец перавярнуў уяўленне аб эканоміцы як аб навуцы. Да пачатку яго дзейнасці характарыстыка эканомікі ЗША была толькі часткай гадавога курсу па маральнай філасофіі.

Загрузка...