«Карціны трэба купляць у жывых мастакоў»

Захар Кудзін
Фота: «Радыё Свабода»

Сям’я Захара Кудзіна пра прычыны яго самагубства.

Пра абставіны і прычыны самагубства мастака Захара Кудзіна разважаюць ягоныя ўдава і маці, а таксама мастацтвазнаўца, кіраўнік Беларускага Свабоднага тэатру Мікалай Халезін і псыхоляг і псыхатэрапэўтка Вольга Андрэева, паведамляе «Радыё Свабода».

Сямʼя мастака Захара Кудзіна лічыць, што да самагубства яго падштурхнула ў тым ліку і безграшоўе. Апошнія шэсьць гадоў за ягоную творчасьць расплачваліся пераважна бартэрам, і мастаку не было за што купіць падарункі для дачкі і жонкі напярэдадні навагодніх сьвятаў.

Захар Кудзін

33-гадовы Захар Кудзін пайшоў з жыцьця 29 сьнежня 2019 году. У яго засталіся бацькі, жонка і 5-гадовая дачка. Сямʼя некаторы час не хацела абнародаваць абставіны гібелі, а таксама тое, што стала прычынай. Празь некалькі тыдняў пасьля сьмерці ўдава Тацяна і маці Натальля пагадзіліся распавесьці пра тое, як і чым жыў Захар апошнія шэсьць гадоў, і што магло падштурхнуць яго да сыходу па ўласнай волі.

Захар Кудзін нарадзіўся ў 1986 годзе. Займаўся жывапісам, скульптурай і дзіджытал-мастацтвам. Свой стыль выпускнік менскага каледжу мастацтваў імя Глебава называў «нэўрамастацтвам» — жывапісам узьдзеяньня, або аб’ектыўным рэалізмам. Быў самым маладым сучасным мастаком у калекцыі Нацынальнага музэю. Прадставіў Беларусь на міжнародным біенале ў Пэкіне, удзельнічаў у менскім фэстывалі Vulica Brasil і ў арт-кірмашы Art Vilnus. Працы Кудзіна знаходзяцца ў прыватных калекцыях Эўропы, Азіі і Амэрыкі. У беларускім пракаце ідзе фільм Максіма Шведа «Чыстае мастацтва», дзе граў Захар.

«Напярэдадні кожнага сьвята ён хацеў зрабіць нам з дачкой падарункі, але проста не было за што»

Захар Кудзін зь сям’ёй і музыкам Андрусём Такіндангам

Удава Тацяна Кудзін перакананая, што прычынай гібелі мужа стала неацэненасьць і адсутнасьць аплаты за працу мастака.

— Нават сорамна сказаць, што прапаноўвалі. На творчых імпрэзах аплачваюць працу музыкаў, кухараў, а мастаку прапаноўваюць у найлепшым выпадку заплаціць за фарбы. Адсутнасьць аплаты для мастака — вялікая бяда нашага культурнага асяродзьдзя. Безграшоўе яго вельмі падкошвала. Ён вельмі перажываў, што ня мог утрымліваць сямʼю.

Гэта працягвалася апошнія шэсьць гадоў. Калі плацілі, то сымбалічныя грошы. Запрашалі, называлі адну лічбу, а потым казалі, што зьмяніўся бюджэт, і плацілі ўтрая меней. Напрыклад, за ўдзел у пэрформансе прапаноўвалі 300 даляраў, а потым казалі: «Вось табе фарбы і 100 даляраў». Пры гэтым у іх быў бюджэт на бар і на іншае. Былі разавыя заробкі, але ён увесь час бяз грошай сядзеў. Пры гэтым ня мог не працаваць, гэта быў ягоны лад жыцьця, ягоная місія.

Захара ў свой час не прынялі ў саюз мастакоў з той фармальнай прычыны, што ў яго не было вышэйшай адукацыі, хаця па мастацкім ўзроўні працаў пытаньняў у камісіі не было. Потым умовы прыняцьця зьмянілі, але ён ня стаў зьвяртацца пасьля таго, як атрымаў першую адмову. Ён умеў рабіць многае, але ўсё гэта было зьвязана з выяўленчым мастацтвам. Ня адзін ён быў у такой сытуацыі. Гэта гора ўсіх масткоў, усіх творчых людзей. На творчасьць патрэбныя грошы, а трэба яшчэ за нешта жыць. Ёсьць сямʼя, блізкія і родныя, пра якіх хочаш клапаціцца… Так атрымлівалася, што асноўныя грошы ў сямʼі зарабляла я, дапамагалі бацьк, і гэта Захара моцна засмучала. Напярэдадні кожнага сьвята ён так хацеў зрабіць нам з дачкой падарункі, але проста не было за што.

Што да аплаты працы мастака, то сябры сямʼі распавялі Свабодзе выпадак, калі адзін менскі бар узяў ягоную працу, а замест аплаты прапанаваў на працягу тэрміну экспазыцыі працаў проста прыходзіць і бясплатна выпіваць і есьці ў бары. Напярэдадні новага году быў прэцэдэнт: уладальнікі адной кавярні прапанавалі ўпрыгожыць інтэр’ер ягонай працай, і ізноў бясплатна. Паводле сяброў Захара, гэта сьведчыць пра стаўленьне да працы мастака ў нашым грамадзтве.

Маці: Чаму ніхто не падтрымлівае жывога мастака?

Маці мастака Натальля Кудзін мяркуе, што «у такой пазыцыі прыніжанага мужчыны знаходзяцца многія беларускія мастакі».

— На піку папулярнасьці фільму «Чыстае мастацтва» Захар ехаў на інтэрвію, і ў яго не было грошай на талёнчык. Як ён сябе адчуваў пры гэтым? Думаў, мне 33 гады, колькі можна быць такім. Навошта такі бацька, калі ён ня можа набыць цацку дачцэ. Хаця ён быў цудоўным бацькам і даваў сваёй дачцэ самае каштоўнае — свой час.

Гэта яго прыніжала як мужчыну. Я думаю, што ў ягонай пазыцыі прыніжанага мужчыны знаходзяцца многія мастакі, якія як мужчыны прыніжаныя тым, што яны не запатрабаваныя. Яны ня хочуць быць каньюнктуршчыкамі, ня хочуць маляваць «люцікі-кветачкі» (не хачу нікога гэтым пакрыўдзіць). Ён хацеў рабіць мастацтва дзеля мастацтва, а ня тое мастацтва, якое зразумела кожнаму.

Мой сын быў вельмі адказны, разумны і бязьмерна таленавіты чалавек. У яго была маса ідэяў і праектаў. Я лічу, што ягоны ўчынак не зьвязаны ні зь якім эгаізмам, што ён нібыта не падумаў ні пра каго. Ён найхутчэй вельмі добра ўсё ўзважыў…

Апошнім часам яму было невыносна балюча і цяжка жыць з гэтым грузам найперш нерэалізаваных ідэй. Гэта была немагчымасьць падзяліцца сваімі справамі і думкамі, сваім сьветапоглядам, немагчымасьць знайсьці аднадумцаў. Чалавек знаходзіцца сярод вялікай колькасьці людзей і адчувае сябе абсалютна адзінокім. Ён проста ня можа гаварыць пра тое, што яму баліць. Ён бачыць неразуменьне, чым ён жыве, куды ірвецца ягоная душа, што ён можа даць гэтаму сьвету. У яго не было майстэрні апошнім часам, але сын ня мог не пісаць. Ён быў чалавекам іншай фармацыі, іншага сьветапогляду, магчыма іншай плянэты. Захар быў геній. Я бязь цені сумневу гэта сьцьвярджаю.

Натальля Кудзін зьвяртаецца да ўсіх творчых людзей, якія апынуліся ў сытуацыі нерэалізаванасьці і незапатрабаванасьці як яе сын.

— Як маці заклінаю ўсіх, я прашу… Трэба ісьці, трэба гаварыць, не замыкацца ў сабе, шукаць шляхі і спосабы, званіць ва ўсе званы. Але так рабіць нельга. Гэта ня выйсьце. Трэба стварыць фонд для падтрымкі маладых мастакоў. У Акадэміі выпускаюць мастакоў групамі па 6-8 чалавек, а але займаюцца мастацтвам ня ўсе, таму што яны разумеюць, што не пракормяць сябе творчасьцю.

Калі яго ня стала, сябры і знаёмыя прапаноўвалі матэрыяльную дапамогу. Чаму ніхто не падтрымлівае жывога мастака? Ня купіць ягоную працу? Карціны трэба купляць у жывых масткоў. У Захара ёсьць праца ў Нацыянальным мастацкім музэі. Сам спосаб перадачы гэтай працы — прыніжэньне мастака. Нацыянальны мастацкі музэй мае фонд для закупкі новых працаў, але карціну папрасілі ў дар. Ён пагадзіўся. Так, у яго былі амбіцыі, ён хацеў, каб гэтая праца засталася для наступных пакаленьняў. Яны разам з жонкай на руках несьлі працу ў музэй, бо грошай на грузавое таксі не было, а музэй нават не пажадаў прапанаваць транспарт. Ці гэта не прыніжэньне?

Я хачу, каб гэтыя банкі, гэтыя людзі, які купляюць па 10 машынаў, па 50 тэлефонаў, хай бы яны ахвяравалі на фонд падтрымкі маладых мастакоў, каб разьмяркоўвалі сродкі на тых, каму яны сапраўды патрэбныя. Так было б справядліва і сумленна. Каб нейкую стыпэндыю маладым мастакам давалі, хаця б 100 рублёў на хлеб і ваду…. Я хачу, каб нехта выдаў каталёг працаў майго сына. Гэта будзе ўнёсак у разьвіцьцё ня толькі беларускага і ўвогуле мастацтва.

Халезін: Што не зрабіла беларускае грамадзтва для таго, каб Захар мог тварыць на карысьць гэтага самага грамадзтва?

Мікалай Халезін

Кіраўнік Беларускага Свабоднага тэатру, мастацтвазнаўца Мікалай Халезін ня першы год уздымае тэму падтрымкі маладых творцаў як у Беларусі, так і ў сьвеце:

— Калі чалавек сыходзіць з жыцьця па сваёй волі, прынята лічыць, што ён ня змог пераадолець нягодаў жыцьця — бытавых, асабістых, псыхалягічных. Калі ж з жыцьця сыходзіць чалавек творчы, сучаснае грамадзтва ставіцца да гэтага ці ледзь не як да праявы эксцэнтрычнасьці і аднаму з шляхоў творчага пошуку, які абраў для сябе мастак. Але, на самой справе, розьніцы ў падобных рашэньнях няма, за адным толькі выключэньнем — незалежная творчая асоба ў большасьці сваёй не ўпісаная ў тыя інстытуцыі, якія змаглі б засьцерагчы чалавека ад прыняцьця такога рашэньня.

У абмеркаваньні трагічнай гісторыі Захара Кудзіна мы абавязкова прыйдзем ад прыватнага да агульнага: ад трагедыі аднаго мастака да трагедый сотняў і тысяч творчых асобаў, якія ня маюць магчымасьці ўпісацца ў цяперашняе беларускае грамадзтва.

Члены яго сямʼі распавядаюць пра тое, у якіх фінансавых умовах вымушаныя былі існаваць яны, вымушаны быў існаваць Захар… Вядома, можна дакараць яго, што «не ўладкаваўся на нармальную працу», але ў выпадку, калі мы гаворым пра творчага чалавека — чалавека, таленавітага бясспрэчна, як Захар Кудзін — варта разумець, што сама сутнасьць такога чалавека, апантанага рэалізацыяй творчых ідэй, адрозьніваецца ад абывацеля, які можа пераступіць праз свае ідэі, і «уладкавацца на нармальную працу». Для дапамогі такім людзям, як і для іх падтрымкі, цывілізаванае грамадзтва ўжо даўно знайшло інструмэнтар. Але, на жаль, не беларускае.

І тут варта перайсьці ад прыватнага да агульнага: чаго не зрабіла беларускае грамадзтва для таго, каб Захар Кудзін мог тварыць на карысьць гэтага самага грамадзтва? Уласна, нічога. Прасьцей пералічыць тыя інстытуцыі, якія ёсьць ва ўсім сьвеце для падтрымкі таленавітых маладых людзей, каб зразумець, чаго няма ў Беларусі.

Практычна ў кожнай краіне ёсьць галоўная фінансавая структура ў сфэры культуры, арыентаваная на падтрымку таленавітых людзей у краіне. Калі ўзяць Вялікабрытанію, то падобных структуры дзьве: Art Council — арганізацыя, якая падтрымлівае творчыя ініцыятывы ўнутры краіны; і British Council — якая падтрымлівае праекты, што папулярызуюць брытанскае мастацтва па-за краінай. Можна запярэчыць: «у нас жа ёсьць Міністэрства культуры». Не. Падобныя структуры ня маюць ніякага дачыненьня да міністэрства культуры, і імі кіруюць не палітычныя прызначэнцы, а экспэрты-прафэсіяналы ў розных сфэрах мастацтва.

Экспэртныя рады па розных напрамках складаюцца зь людзей зь бездакорнай прафэсійнай і грамадзкай рэпутацыяй, і іх галоўнай задачай зьяўляецца падтрымка тых асобаў і калектываў, якія зьяўляюцца ня толькі найлепшымі на сёньняшні дзень у краіне, але і пэрспэктыўнымі. Ці атрымаў бы падтрымку падобнай структуры Захар Кудзін? На мой погляд, безумоўна, калі нават беларускі Нацыянальны музэй уключыў адну зь яго прац у сваю экспазыцыю.

Ці магчыма падобнае ў Беларусі сёньня? Катэгарычна, не. Па адной простай прычыне — асноўны прынцып падтрымкі тых ці іншых творчых асобаў у Беларусі цалкам палітычны. Калі вы не ляяльныя да ўлады, вы не атрымаеце падтрымку ні Міністэрства культуры, ні камітэту пры прэзыдэнце па падтрымцы таленавітай моладзі, ні прафэсійных творчых саюзаў, якія кормяцца ўсё з той жа прэзыдэнцкай рукі.

Акрамя такіх структур, як Art Council і British Council, у Вялікабрытаніі практычна кожная з буйных бізнэс-структур мае свой траст, у які адлічваюцца грошы, якія вылучаюцца на розныя формы падтрымкі людзей мастацтва, навукі або грамадзкай дзейнасьці. Падобных трастаў тысячы. Самі кампаніі ня могуць паўплываць на тое, як разьмяркоўваюцца сродкі — гэта права знаходзіцца ў падпарадкаваньні апякунскай рады, створанай выключна на прафэсійнай аснове — са спэцыялістаў і экспэртаў. Ці мог бы ў падобных структурах атрымаць падтрымку Захар Кудзін? Безумоўна, так. Па простай прычыне: ён быў чалавекам прафэсійным, таленавітым і ініцыятыўным.

Адзін з найбуйнейшых у сьвеце фондаў, якія падтрымліваюць мастацтва і навуку — раней вядомы як «Фонд Сораса», а цяпер Open Society Foundations — быў выгнаны з Беларусі яшчэ ў канцы 90-х гадоў; дарэчы, як і British Council. А сотні міжнародных фондаў, якія хацелі пачаць працу ў Беларусі, не атрымалі на гэта дазволу. Ці варта працягваць пытацца: ці мог там атрымаць падтрымку Захар Кудзін, працуй яны ў Беларусі? І пакінем за дужкамі дзясяткі тысяч звычайных бізнэсоўцаў, якія падтрымліваюць творчых асоб, дапамагаючы ім фінансава, або купляючы іх працы — гэта зьява звычайнага свабоднага рынку.

Што зрабіць для таго, каб гэтая трагічная гісторыя не паўтарылася, а сьмерць Захара не была марнай?

Мікалай Халезін тлумачыць, чаму ўзяў для прыкладу такую нябедную краіну, як Вялікабрытанія.

— Толькі як прыклад структурнай працы дзяржавы, якое зацікаўленая ў тым, каб яе інтэлектуальны патэнцыял разьвіваўся. Да прыкладу, калі нашы ўкраінскія партнэры вырашылі запрасіць спэктакль Беларускага Свабоднага тэатру ў Кіеў са спэктаклем Burning Doors, яны зьвярнуліся па фінансаваньне ў толькі што створаны Украінскі культурны фонд. Мы змаглі пераканацца, што гэтая структура працуе празрыста, сумленна і прафэсійна — мала адрозьніваючыся ад сваіх калегаў у Нямеччыне, Італіі або Францыі. За першы год існаваньня Ўкраінскі культурны фонд падтрымаў 432 творчыя праекты, супрацоўнікі якіх іх рэалізавалі, не задумваючыся аб тым, ці ёсьць у іх дома ежа, і ці могуць яны зрабіць хай сьціплыя, але падарункі сваім сямейнікам на Каляды.

Неверагодна шкада Захара Кудзіна. Што зрабіць для таго, каб гэтая трагічная гісторыя не паўтарылася, а сьмерць Захара не была марнай? Любыя структурныя зьмены ў грамадзтве пачынаюцца з грамадзкай дыскусіі. І хай яе цяперашняя ўлада імкнецца пазьбягаць любым спосабам, яе варта весьці — для таго, каб быць гатовым нешта зьмяніць, калі такая магчымасьць зьявіцца.

Псыхоляг Андрэева: Родным загінулага мастка патрэбная падтрымка. Яны траўмаваныя найбольш

Вольга Андрэева

Сямейны псыхоляг і псыхатэрапэўтка Вольга Андрэева зьвяртае ўвагу на наступныя сацыяльныя і псыхалягічныя аспэкты ў гэтай трагедыі:

— Мы жывем у такой дзяржаве, калі няма асаблівай падтрымкі творчым людзям. Рэалізаваць сябе творчаму чалавеку, асабліва на пачатку, без дадатковай падтрымкі вельмі складана. Ускладняе сытуацыю адсутнасьць сапраўднага арт-рынку, а таксама беднасьць насельніцтва. Каб купляць карціны, трэба мець грошы. І яшчэ адзін фактар — прэстыжнасьць мастацтва, жаданьне ўпрыгожыць свой дом арыгіналамі сучасных масткоў. Гэты тры сацыяльныя аспэкты ўскладняюць сытуацыю для маладых масткоў у Беларусі.

Калі гаварыць пра псыхалягічныя аспэкты, вылучу некалькі складаных момантаў. Тэма, знаёмая любому псыхолягу ці псыхіятру, гэта адаптацыя. На жаль, у творчых людзей часта вельмі нізкі ўзровень сацыяльнай адаптацыі. Яны знаходзяцца ў палоне сваіх уяўленьняў пра сьвет, пра свой талент, яны ня думаюць пра тое, што перад кожным чалавекам стаіць задача быць адаптаваным да сьвету, у які ён прыйшоў. Як бы мы яго не крытыкавалі, іншага сьвету ў нас няма.

Спосабы адаптацыі розныя, і любы дарослы чалавек павінен разумець, што ён адказвае за тое, ці будуць у яго грошы на ўтрыманьне сябе і сямʼі, ці ня будуць. Ёсьць маса цудоўных прафэсій, якія не дазваляюць людзям трымацца. Найперш гэта творчыя прафэсіі. Але нават калі чалавек выбірае прафэсію лекара і ідзе ў мэдычны ўнівэрсытэт, ён таксама сутыкнецца з дрэннай аплатай сваёй працы і нізкім узроўнем жыцьця.

Калі я кансультую маладых людзей наконт выбару прафэсіі, акрамя таго, што ім цікава, якія ў іх здольнасьці, я задаю два пытаньні — што ты ведаеш пра запатрабаванасьць гэтай прафэсіі на рынку працы і як гэтая праца аплачваецца. Гэтыя два фактары павінны ўлічвацца. Мастакі, музыкі, творчыя людзі трапляюць у вельмі складаную сытуацыю. І слушна гаварыць пра нейкія альтэрнатыўныя крыніцы даходу. Некаторыя творчыя людзі гэта знаходзяць, каб пратрымацца. З моладзьдзю трэба абавязкова абмяркоўваць тэму сацыяльнай адаптацыі.

Важны псыхалягічны аспэкт — увага да псыхічнага, эмацыйнага здароўя чалавека. На жаль, мужчын выхоўваюць так, што яны схільныя ігнараваць сваё псыхічнае здароўе. Я маю на ўвазе не сямʼю, не бацькоў, а гендэрныя ўстаноўкі ў грамадзтве ў цэлым. Хлопчык ня схільны быць уважлівым да свайго здароўя ў дзяцінстве, і гэтая мадэль у дарослым жыцьці паўтараецца. Часта маладыя мужчыны пазьбягаюць сытуацый, дзе яны маглі б атрымаць дапамогу, таму што яны не ўмеюць клапаціцца пра сваё здароўе.

Гэта ня толькі псыхалягічная, але і сацыяльная праблема. Мужчыны павінны разумець, што іх здароўе мае каштоўнасьць і для іх саміх, і для іх родных. І гэта іх пэўная адказнасьць. І так атрымліваецца, што мужчына застаецца бездапаможным, не ўсьведамляе, што ў яго дэпрэсія ці іншае расстройства, спрабуе з гэтым змагацца, але рэсурсаў не хапае.

У той сытуацыі, якая склалася сёньня, родным загінулага мастка патрэбная падтрымка. Яны траўмаваныя больш за любога з нас. І самае жахлівае, з чым сутыкаюцца родныя чалавека, які сышоў з жыцьця па ўласнай волі, гэта абвінавачваньні, што не даглядзелі, не пабачылі нешта, недастаткова падтрымалі. Я думаю, што ня ўсё ад іх можа залежыць. Калі блізкі чалавек такім драматычным спосабам сыходзіць з жыцьця, ён прыносіць шмат болі, і ягоныя блізкія маюць патрэбу ў падтрымцы і ўвазе. Яны нясуць свой боль да канца…

Источник: charter97.org.

Загрузка...