Мікалай Статкевіч: Здолелі ў 2017-м, здолеем і ў 2019-м!

МІКАЛАЙ СТАТКЕВІЧ
ФОТА: «ЕЎРАРАДЫЁ»
Дадатковыя сродкі ў бюджэт прапануем атрымаць шляхам скарачэння паловы з соцен тысяч чыноўнікаў і «праваахоўнікаў».

Пра гэта напісаў на сваёй старонцы ў Facebook палітык Мікалай Статкевіч.

— Прэзідыум Народнай Грамады абураны чарговай спробай улады ўвесці дадатковыя паборы з беспрацоўных. Замест таго, каб дапамагчы людзям, якія не могуць знайсці тут годную працу з-за правальнай эканамічнай палітыкі рэжыма, улада спрабуе залезці да іх у кішэні.

Дадатковыя паборы з часовых эканамічных мігрантаў, вымушаных шукаць магчымасць пракарміць свае сем’і за мяжой, толькі прымусяць іх назаўсёды пакінуць нашу краіну. Беларусь страціць найбольш дынамічны слой насельніцтва і яго нашчадкаў.

Мы лічым паўторную спробу абкласці паборамі «дармаедаў» злачынствам супраць народа і будучыні Беларусі.

Мы заклікаем уладу адмяніць незаконны «дэкрэт нумар 1» і адмовіцца ад незаконных пабораў. Дадатковыя сродкі ў бюджэт мы прапануем атрымаць шляхам скарачэння паловы з соцен тысяч чыноўнікаў і «праваахоўнікаў», а таксама продажам шматлікіх «прэзідэнтскіх» рэзідэнцый і лімузінаў.

Мы папярэджваем, што калі незаконны «дэкрэт» будзе ўведзены ў дзеянне, мы заклікаем людзей да абароны парушаных канстытуцыйных правоў на галоўных плошчах сваіх гарадоў. Пры гэтым мы не будзем тлуміць ім галовы прапановамі падаваць уладам бессэнсоўныя заяўкі на тое, што належыць грамадзянам па праву.

Каб арганізаваць мірныя пратэсты, мы прапануем людзям утвараць Народныя Камітэты Самаабароны па ўсёй краіне і самі возьмем у іх удзел.

Раім аўтару «дэкрэта» яшчэ раз добра падумаць перад тым, як уводзіць яго ў дзеянне.

Мы прапануем нашым партнерам па Беларускаму Нацыянальнаму Кангрэсу падтрымаць гэта наша папярэджанне ўладзе.

Здолелі ў 2017-м, здолеем і ў 2019-м.

Уладу — народу!

‘Жыве Беларусь!

Загрузка...