Міністар культуры Літвы паведаміў, што надпісы на магілах паўстанцаў 1863 года будуць і па-беларуску

Як пакрэсьліваюць літоўскія мэдыі, Кастусь Каліноўскі шануецца як адзін з нацыянальных герояў Беларусі.

Археалягічныя дасьледаваньні на гары Гедзіміна ў Вільні будуць працягнутыя ў траўні, паведамляюць літоўскія СМІ са спасылкай на Нацыянальны музэй Літвы, перадае «Радыё Свабода».

«У сярэдзіне траўня мы праверым яшчэ каля 30 квадратных мэтраў, якія хочам дасьледаваць. Хоць пэўна пра нешта казаць цяжка, магчыма, удасца выкапаць усяго 4-5 мэтраў», — сказаў агенцтву BNS кіраўнік аддзелу археалёгіі музэя Валдас Сьцепанайціс.

Археолягам ужо ўдалося знайсьці парэшткі 20 з 21 паўстанцаў, якіх расейскія ўлады пакаралі сьмерцю на Лукіскім пляцы ў Вільні цягам 1863-64 гадоў. У іх ліку і лідэр паўстаньня ў Літве і Беларусі Кастусь Каліноўскі. Яго асоба ідэнтыфікаваная на 95%.

Паводле адмыслоўцаў, дзевяць чалавек былі расстраляныя, дванаццаць павешаныя. Некаторыя пахаваныя з завязанымі за сьпіной рукамі ці зь мяшком на галаве.

Па словах міністра культуры Літвы Міндаўгаса Квяткаўскага, сёлета ў верасьні паўстанцы будуць ўрачыста перапахаваныя на віленскіх могілках Росы, у калюмбарыі цэнтральнай капліцы. Да апошняга не было пэўнасьці, на якіх мовах будуць надпісы на магілах, але выглядае, што ў гэтым пытаньні ёсьць прагрэс.

«Мы прыходзім да агульнага разуменьня, што прозьвішчы паўстанцаў мусяць быць нанесеныя на трох мовах — літоўскай, польскай і беларускай, — адзначыў Квяткаўскас. — Гэта павінна падкрэсьліць важнасьць паўстаньня для ўсіх гэтых краін».

Да гэтага часу не ідэнтыфікаваныя парэшткі ксяндза Станіслава Ішоры — генэтычныя тэсты, узятыя ў ягоных жывых сваякоў, не супалі ні з кім, каго археолягі адшукалі на гары Гедзіміна. Менавіта таму, як сказаў археоляг Гіціс Грыжас, неабходна зноў туды вярнуцца і працягнуць пошукі.

Меркаванае пахаваньне Кастуся Каліноўскага

Таксама пакуль не ўдалося атрымаць афіцыйнага дазволу ад уладаў Беларусі, каб зрабіць тэст ДНК Віктара Каліноўскага, роднага брата Кастуся Каліноўскага, пахаванага ў сямейным склепе ў Сьвіслачы на Горадзеншчыне. У такім выпадку ўдалося б зьняць апошнія сумневы.

Як пакрэсьліваюць літоўскія мэдыі, Кастусь Каліноўскі шануецца як адзін з нацыянальных герояў Беларусі, таму годнае ўшанаваньне яго асобы мае для беларусаў асаблівае значэньне.