Прызнанне на папулярным амерыканскім сайце: Я «падсела» на Беларусь

Реклама

Некалькі аптымістычных назіранняў пра нашую краіну і народ.

Маша Чаракова, аўтарка кнігі-бестселера «Гэта Беларусь, дзетка», змясціла маніфест-прызнанне ў любові да Беларусі на сайце BelarusFeed.com, які публікуе навіны пра нашую краіну па-англійску, пiша nn.by.

Мяне завуць Маша Чаракова, і я мушу зрабіць прызнанне: у мяне залежнасць ад Беларусі

Беларусь — мая радзіма, мая вялікая любоў. Хоць я і вырасла не ў Беларусі (мая сям’я з’ехала з краіны, калі мне было восем год), мне пашанцавала тут нарадзіцца. Пасля ўніверсітэту я вырашыла вярнуцца ў Мінск, каб адкрыць гэтую краіну для сябе, ужо дарослай.

Я планавала застацца тут на паўгода, але ў выніку пражыла і адпрацавала ў Беларусі тры гады. Пасля я вярнулася ў Нідэрланды, каб гадаваць дзіця з маім мужам-швейцарцам.

Але нават пасля гэтага я працягвала працаваць у Беларусі, вандруючы штомесяц паміж Амстэрдамам і Мінскам. Я працавала над шматлікімі праектамі — трэнінгамі і ментарствам над сацыяльнымі прадпрымальнікамі, а таксама пісала кнігі.

І я дагэтуль працягваю штомесяц гэта рабіць, бо беларусы даюць мне такую энергію і сэнс жыцця, якія я не змагла нідзе больш адшукаць.

Паўсюль таленты!

Калі я прыехала ў Беларусь упершыню з часоў дзяцінства, то сустрэла неверагодных людзей. Спярша я падумала, што, мабыць, мне проста пашанцавала. Але я ўсё працягвала і працягвала іх сустракаць.

У Беларусі я пабачыла так шмат таленавітых людзей — яны шыюць вопратку, малююць, займаюцца валанцёрствам ці бізнесам. Напрыклад, мне ўрэзалася ў памяць, як я ішла па гандлёвым цэнтры разам з беларускай сяброўкай і пабачыла прыгожую лямпу. Яна сказала: «Я магу табе змайстраваць такую». І здзівілася: «Праўда?» Яна ж тады была ўсяго толькі студэнткай.

Праз месяц яна падаравала мне палепшаную версію гэтай лямпы. Ваў!

Я заўважыла, што беларусы любяць ствараць рэчы ўласнымі рукамі.

Паўсюль магчымасці!

А яшчэ мне спадабалася ў Беларусі тое, колькі навокал магчымасцяў для таго, каб зрабіць нешта пазітыўнае ў вельмі многіх сферах.

Дык гэта ж сведчанне шматлікіх праблемаў, скажаце вы. Так, на гэта можна глядзець як на праблемы. Але, магчыма, мая падвойная нацыянальная ідэнтычнасць дае мне магчымасць зірнуць на рэчы з іншай перспектывы, і таму я бачу гэтыя праблемы менавіта як магчымасці. Найбольшай складанасцю для мяне было выбраць тыя, над якімі мне варта пачаць працаваць у першую чаргу: я зразумела, што не буду мець дастаткова часу на сто рэчаў адразу.

Я вырашыла сфакусавацца на тым, каб даць беларусам інструменты і веды для таго, каб паляпшаць уласнае жыццё, а таксама жыццё людзей навокал. Вось чаму я развівала і прапагандавала сацыяльнае прадпрымальніцтва ў Беларусі на працягу пяці год праз разнастайныя адукацыйныя праграмы.

Гэта дало мне магчымасць спаткацца з многімі людзьмі, якія думаюць па-прадпрымальніцку.

Я сустрэла і дапамагла навучыць больш за 1000 беларусаў і беларусак, якія жадалі штосьці змяніць у гэтай краіне, выкарыстоўваючы мадэль сацыяльнага бізнесу. І гэта было проста неверагодна! Я бачыла, як яны прыносілі ідэі пра тое, каб адчыніць кавярню, дзе маглі б працаваць людзі з абмежаванымі магчымасцямі, ці ствараць выявы, якія сляпыя могуць памацаць рукамі, ці арганізоўваць цэнтры для людзей сталага веку.

Так шмат ідэй, якія былі ператвораныя ў праекты ці сацыяльныя бізнесы, якія змянілі мноства жыццяў!

Паказаць беларусам, якая цудоўная ў іх краіна

Будзе вельмі цяжка адчуць сябе гаспадарамі і палепшыць хоць што-небудзь, калі многія грамадзяне краіны не ведаюць, кім яны ёсць, і не ўмеюць напоўніцу зразумець свой патэнцыял. Каб усвядоміць гэта, большасці людзей патрэбна даць прыклад, натхніць іх.

Калі ж нават тутэйшыя людзі гэтага не бачаць, то чаго чакаць ад замежнікаў?

Самы час для беларусаў пачаць ганарыцца тым, хто яны такія, іх культурай і гісторыяй, а таксама — і гэта самае важнае — сваёй будучыняй.

Шанаваць беларускую ўнікальнасць

Найбольш я ганаруся праектам «Гэта Беларусь, дзетка», які паказвае ўнікальнасць Беларусі праз кнігі, а таксама  HiFive Belarus — гідам па краіне на англійскай мове, які існуе як у анлайне, так і на паперы.

А яшчэ я знайшла новы шлях для гэтага — праз хобі. Ці ведаеце вы, якая безліч разнастайных малюнкаў, ілюстрацыяў на тэму Амстэрдаму прадаецца на вуліцах сталіцы Нідэрландаў? Гэта натхніла мяне на тое, каб стварыць серыю ілюстрацыяў на тэму беларускай сталіцы.

Такім чынам, сябры, давайце пачнем услаўляць Беларусь! Любым спосабам. Самы час паказаць усяму свету, якая цудоўная ў нас краіна, і, асабліва, яе людзі.

У лістападзе Маша плануе адчыніць выставу сваіх малюнкаў у мінскай кавярні Beans and Leaves.

Источник
Реклама