«Светлагорскі завод — гэта фіяска ўлады»

У Беларусі склалася такая сітуацыя, што людзі, якія абараняюць правы чалавека, абараняюць уразлівыя групы, па сутнасці, сталі самі ўразлівай групай. Часта яны падвяргаюцца пераследу і рэпрэсіям з боку дзяржавы, улады не заўсёды адкрытыя да дыялога з праваабаронцамі, а грамадства поўна стэрэатыпаў і забабонаў у іх бок. Напярэдадні Міжнароднага жаночага дня, Дня барацьбы за жаночыя правы і роўныя магчымасці, “Вясна” распачынае серыю інтэрв’ю з беларускімі жанчынамі-праваабаронцамі — тымі, хто робіць нашае грамадства лепшым праз абарону правоў чалавека. Мы імкнемся зрабіць беларускіх актывістак праваабарончага руху больш бачнымі ў грамадстве.

Першы наш матэрыял — пра светлагорскую праваабаронцу “Вясны” Алену Маслюкову. У большай ступені яна займаецца абаронай экалагічных правоў у родным горадзе. Менавіта гэтыя правы ў апошні час стаяць у Светлагорску на парадку дня ў сувязі з будаўніцтвам і ўвядзеннем у эксплуатацыю завода бялёнай цэлюлозы.

У канцы 2019 года прэміяй Асамблеі НДА Алену Маслюкову прызналі грамадскай лідаркай году, а напачатку гэтага года яе партрэт абляцеў паўсвету ў межах фотаконкурсу “Партрэты сілы”, які зладзіў Фонд Дамоў правоў чалавека. Пры гэтым, беларускія ўлады прыцягвалі Алену да адміністрацыйнай адказнасці за “несанкцыянавае масавае мерапрыемства”, дзе яна выконвала свае праваабарончыя функцыі.

Праваабаронца Алена Маслюкова распавяла, чаму яна прамяняла зручную працу настаўніцы на праваабарончую дзейнасць, як яна ставіцца да Міжнароднага жаночага дня і чаму светлагорскія эка-пратэсты не такія шматлюдныя ў параўнанні з берасцейскімі. Пра гэта і не толькі — у нашым матэрыяле.

Алена Маслюкова прапрацавала настаўніцай гісторыі і грамадазнаўства 27 год, але потым, калі выйграла раённы конкурс прафесійнага майстэрства і была прызнаная лепшай настаўніцай года, з ёй проста не працягнулі кантракт. Так у 2015 годзе яна апынулася ў “Вясне”. Але займацца правамі чалавека Алена пачала яшчэ ў 90-х: як валанцёрка, удзельніца акцый за правы чалавека, розных праваабарончых кампаній. Адкуль гэтая прага да правоў чалавека —распавяла Алена.

“Падаецца, што да абароны правоў чалавека мяне цягнула яшчэ з дзяцінства. Памятаю, як у 9 класе я стала на абарону свайго аднакласніка. Але пра тое, што лёс прывядзе мяне ў праваабарону, што яна стане сэнсам майго жыцця, — размовы не вялося.

Я б не сцвярджала, што ўсё жыццё цягнулася да справядлівасці, бо яна, гэтая справядлівасць, вельмі абстрактная. І тое, што справядліва для адных, абсалютна нясправядліва для іншых. Але ёсць пэўныя нацыянальныя і міжнародныя нормы, якія непасрэдна тычацца правоў чалавека. І гэта павінна быць апрыоры ў любой краіне ў адносінах да любога чалавека. Мяне абуралі факты і пэўныя дзеянні, накіраваныя на прыніжэнне чалавечай годнасці і парушэнне правоў чалавека ў нашым грамадстве. Вось гэта мяне заўсёды абурала і абурае як чалавека, як грамадзянку, як настаўніцу, як жанчыну. У любой іпастасі для мяне гэта было непрымальным. Таму, можа і лагічна, што я апынулася ў праваабароне. Можа ўвогуле з гэтага і трэба было пачынаць сваю прафесійную дзейнасць, а не ісці ў настаўніцы? Хаця я ні аб чым не шкадую: ні аб тым, што 27 год адпрацавала настаўніцай, ні аб тым, што ўжо не працую ёй. У школе я мела магчымасць выхоўваць сваіх вучняў і даносіць да іх нормы, правілы, законы жыцця грамадства. Мела магчымасць падрыхтаваць іх да разумнага, адэкватнага разумення значнасці грамадскай актыўнасці кожнага чалавека. Думаю, што гэта было карысна для іх і яны цяпер гэта выкарыстоўваюць у жыцці”.

Гісторыі пра тое, што сям’я не падтрымлівае чалавека ў яго праваабарончай ці актывістскай дзейнасці, на жаль, хутчэй з’яўляюцца правілам, чым выключэннем. Пэўная логіка ў гэтым ёсць: беларусам, якія ўжо 25 год не бачылі іншай улады, цяжка зразумець, навошта і дзеля чаго яго блізкі чалавек рызыкуе сабой і сваёй свабодай, бо “ўсё роўна нічога не зменіцца”. А як ставяцца блізкія Алены да яе актыўнай эка-актывістскай і праваабарончай дзейнасці?

“Мне часам здаецца, што мая сям’я не зусім яшчэ асэнсавала, чым я канкрэтна займаюся. Калі казаць пра ўнучак, то яны яшчэ маленькія для гэтага: ім сем і адзіннаццаць год. Але я ўжо часта чую ад іх: “Я маю права” і “Я не маю права”. І тут я разумею, што яны выхоўваюцца правільна.

Мой муж раней сам займаўся праваабарончай дзейнасцю, і таму добра разумее мяне. Ён мяне вельмі падтрымлівае ва ўсім, дае пэўныя каштоўныя парады. А вось мой адзіны сын даволі напружана ставіцца, хвалюецца. Маці, канешне, хвалюецца больш за ўсіх, таму не кажу ёй усяго, што тычыцца маёй дзейнасці. Яна часта абураецца і пытаецца: “Навошта табе гэта трэба? Чаму ўсім добра, яны маўчаць, а ты абураешся?”

Увогуле ў нашай дзяржаве займацца праваабарончай дзейнасцю не тое, што нярвова, а нават небяспечна. У нас вельмі закрытая сістэма, да якой дагрукацца часам здаецца нерэальна. Але любое актыўнае дзеянне, якое накіраванае на тое, каб паказаць гэтай уладзе, што супраць яе парушэнняў ёсць пэўныя рычагі ўдзеяння, дае свой плён. Калі сядзець і разважаць, што ў гэтай дзяржаве рызыкоўна нешта гаварыць, бо могуць забраць тую міску пахлёбкі, то, канешне, сітуацыя не зменіцца. Можна надалей сядзець і баяцца за сваю міску. Кожнае дзеянне — гэта хоць і кропля, але ж менавіта гэтыя кроплі напаўняюць шклянку.

“Беларусы чакаюць, што на плошчы выйдзе хтосьці за іх»

З гэтай дзяржавай трэба змагацца тымі сродкамі, якіх яна больш за ўсё баіцца: надаваць публічнасці парушэнням, аказваць масавы супраціў. Гэта для яе больш жахлівыя формы. Я заўсёды кажу людзям: “Ну чаго вы баіцеся? Ну вось мяне звольнілі з працы, але я ж жывая!” Я разумею, што ёсць розныя жыццёвыя абставіны, але чаго баяцца — нас у любым раскладзе больш. Нават калі палічыць усіх прадстаўнікоў войска, міліцыі, КДБ, чыноўнікаў, нас, простых людзей, усё роўна больш. Калі мы хочам нешта змяніць — мы зменім, а калі не хочам і не будзем прыкладаць да гэтага намаганняў, то нічога не будзе мяняцца.

Памятаю, як вучням сваім казала, што “няўжо вы думаеце, што людзям, якія жылі ў 19 стагоддзі, тым жа жанчынам, якія выходзілі ў абарону сваіх правоў 8 сакавіка, усё проста давалася? Жыццё — гэта гісторыя барацьбы і супраціву. І няўжо вы думаеце, што людзі, якія выходзілі на першыя забастоўкі і акцыі пратэсту за свае правы, не мелі сваіх сем’яў? Не мелі працы і ў іх не было чаго губляць? Ім не трэба было карміць сем’і, гадаваць дзяцей, даваць ім адукацыю? Толькі шляхам барацьбы людзі дамагліся лепшага жыцця і баранілі сваё права на годнае жыццё”. Шмат у нас размоваў пра лепшае жыццё ў ЗША, еўрапейскіх краінах, але, на жаль, глядзяць на гэтае жыццё з зайздрасцю, і за гэтае лепшае жыццё ў нас мала хто гатовы змагацца.

У беларусаў ёсць рысы, якія мне не надта падабаюцца, — закрытасць і нявера ў свае сілы, жаданне схавацца за спіны іншых. Беларусы чакаюць, што на тыя ж плошчы выйдзе хтосьці за іх. Яны ў гэты час будуць чакаць, назіраць, ці атрымаецца ў іншых нешта зрабіць, каб можа тады нечым дапамагчы. З гэтым я пастаянна сутыкаюся ў Светлагорску. Чалавек кажа, што яму не падабаецца, што гэты завод смуродзіць, але пры гэтым баіцца паставіць свой подпіс пад зваротамі, публічна высказацца ў СМІ”.

Алену Маслюкову многія ведаюць, найперш, як эка-актывістку. Але, акрамя абароны экалагічных правоў, яна штодзённа займаецца іншай праваабарончай працай: маніторынг акцый пратэсту, судоў, дае кансультацыі па абароне сваіх правоў, складае скаргі, заявы. Гэты спіс можна працягваць бясконца. Як так атрымалася, што Алена спецыялізуецца ў большай ступені на абароне экалагічных правоў?

“Да гэтага часу на першае месца ставяцца грамадска-палітычныя правы і на іх парушэнне звяртаецца найбольшая увага. І гэта правільна. У гэтым ёсць пэўная логіка, таму што першы міжнародны дакумент, які быў прыняты ў галіне правоў чалавека, тычыўся менавіта грамадска-палітычных правоў. Экалагічныя правы заўсёды былі нібы на заднім плане. Але ж, калі парушаюцца правы чалавека, не мае значэння да якой катэгорыі правоў яны адносяцца, яны безумоўна мусяць абараняцца. Мы ж не можам сказаць, што грамадска-палітычныя правы больш важныя, чым іншыя. Экалогія — гэта тое, з чым мы сутыкаемся штодня. Мы жывем — мы дыхаем, мы спім — мы дыхаем. А вось чым мы дыхаем — гэта ўжо іншае пытанне.

“Рэгіянальныя праваабаронцы як шматстаночнікі”

Акрамя таго, праца рэгіянальных праваабаронцаў значна адрозніваецца ад працы калег з Мінску. З большага ў Мінску засяроджаны грамадска-палітычыны рух.Тут найчасцей адбываюцца акцыі і палітычныя пратэсты, за якія дзяржава непамерна карае актыўных людзей за іх жыццёвыя пранцыпы і дзеянні. На жаль, такой актыўнасці не назіраецца ў рэгіёнах. Аднак гэта зусім не азначае, што ў рэгіёнах правы людзей не парушаюцца і, адпаведна, няма каго бараніць. Асаблівасць праваабарончых рэгіянальных філій у Беларусі — гэта тое, што мы дапамагаем амаль усім, хто да нас звяртаецца. Рэгіянальныя праваабаронцы працуюць як шматстаночнікі.

Акцыі пратэсту супраць шкодных выкідаў у Светлагорску цягнуцца ўжо каля паўтары гады. Але чаму светлагорскія экалагічныя акцыі пратэсту не такія шматлюдныя, як у Брэсце?

“Берасцейцы — гэта прыклад таго, як трэба бараніць свае інтарэсы і правы. Але трэба разумець, што там зусім іншая сітуацыя. Па-першае, Брэст — абласны горад, дзе шмат вучэбных установаў, там ёсць шмат студэнтаў, моладзі. Увогуле адукацыйны ўзровень насельніцтва вышэйшы. У Светлагорску гэтага няма. Гэта звычайны гарадок без адзінай вышэйшай навучальнай установы. Большасць насельніцтва тут працуюе рабочымі на заводах са значна скарочанай колькасцю працоўных месцаў. Таму светлагорцы вельмі трымаюцца за працу і тым самым апраўдваюць сваю неактыўную грамадзянскую пазіцыю.

Па-другое, вялікую ролю ў гэтым пытанні грае эканамічны складнік. Берасцейскі завод АКБ будавалі недалёка ад пасёлка, дзе жывуць даволі заможныя людзі, якім ёсць, што бараніць. А што будзе бараніць светлагорскі рабочы? Трохпакаёўку з бетону ў лепшым выпадку?

Па-трэцяе, розны адукацыйны і інтэлектуальны ўзровень людзей у гарадах. Светлагорск не мае такіх глыбокіх гістарычных каранёў у параўнанні з тым жа Брэстам. У нашым горадзе вельмі мала засталося карэннага насельніцтва. Сюды людзі пачалі з’язджацца з усяго Савецкага Саюза дзесьці напрыканцы 60-х гадоў, калі пачалі будаваць прамысловыя прадпрыемствы.

Па-чацвёртае, у многім вырашае форма ўласнасці таго аб’екта, які парушае нашае права на жыццё ў спрыяльным навакольным асяроддзі і права дыхаць чыстым паветрам. АКБ — гэта прыватны бізнэс, а светлагорскі завод — гэта дзяржаўны праект. ЗБЦ будаваўся па ўказу кіраўніка дзяржавы. Светлагорскі завод — гэта фіяска Лукашенкi, фіяска ўрада і канцэрна. Але гэтага яны ніколі не прызнаюць. Змагацца з дзяржавай значна складаней, чым змагацца з прыватным бізнэсам. У сілу гэтых абставінаў я разумею, што тыя 15-20 чалавек на плошчы ў Светлагорску па сваёй значнасці — гэта тое ж самае, што ў Брэсце 200-300 чалавек”.

На прыкладзе Алены Маслюковай можна ўбачыць агульную карціну стаўлення да беларускіх праваабаронцаў: па меркаванню грамадства — лідарка году, а на думку ўладаў — правапарушальніца. Нагадаем, у 2018 годзе Алену Маслюкову аштрафавалі на 25 базавых велічыняў па частцы 2 артыкула 23.24 КаАП за флэшмоб, дзе яна выконвала праваабарончую дзейнасць.

“У 2018 годзе, бліжэй да восені, тыднямі стаяў невыносны смурод. Мы падавалі шмат заявак у Светлагорскі райвыканкам на правядзенне мітынгаў супраць шкодных выкідаў у паветра. Мы бачылі, што людзі гатовыя выйсці супраць гэтага смуроду на плошчу. Але ўлады кожны раз адмаўлялі ў правядзенні гэтых акцый. Тады людзі вырашылі выйсці без усялікіх там дазволаў на акцыю пратэсту. Шчыра кажучы, я не верыла да апошняга, што хтосьці вырашыцца на гэта. Я адразу ведала, што буду прысутнічаць там у ўякасці назіральніцы за мірным сходам. Тады мне нават пракурор выносіў папярэджанне, але я яму сказала, што “я як праваабаронца мушу быць на плошчы, і я там буду!” Я павінна назіраць за тым, як там сябе паводзяць людзі і супрацоўнікі міліцыі, ці не парушаюць яны, як прадстаўнікі дзяржавы, права людзей на мірныя сходы, гарантаваныя Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.

“Я вельмі расчаравалася ў нашай судовай сістэме”

Памятаю, як роўна ў 17 гадзін з усіх куткоў пачалі сыходзіцца на плошчу людзі, і гэта быў пэўны момант эйфарыі. Я не знаходзілася ў натоўпе, я назірала збоку. Але гэта ўжо нікога не хвалявала. На мяне была заведзеная адміністрацыйная справа. Суддзя Р. Царук вырашыў, што я з’яўлялася менавіта арганізатаркай флэшмобу і вынес пастанову на 25 базавых велічыняў. Я вельмі расчаравалася ў нашай судовай сістэме. Такія суддзі не павінны працаваць у судах. У Беларусі чалавек фактычна застаўся без абароны. Ніякія аргументы, факты, хадайніцтвы не спрацоўваць у гэтай сістэме. Вырашылі ўлады пакараць — суд пакарае. І для іх не важна вінаваты чалавек ці не.

Дзякуючы выдатным юрыстам “Вясны” Леаніду Судаленку і Аляксею Лойку, актывісты накіравалі скаргі на дзеянні беларускіх уладаў па гэтаму інцыдэнту ў Камітэт па правах чалавека ААН”.

Вынікі і дасягненні праваабарончай дзейнасці ў Беларусі цяжка вымераць нейкімі паказчыкамі і індыкатарамі. Але самым гаворачым фактам з’яўляецца тое, што марай жыцця некаторых беларусаў з’яўляецца тое, каб ў нашай дзяржаве нарэшце наладзілася сітуацыя з правамі чалавека. Пра сваю мару распавяла і Алена.

“Самым найвялікшім поспехам праваабарончага руху Беларусі лічу тое, што ён захаваўся і тое, што праваабарончыя арганізацыі рэальна працуюць. Не змагла пры ўсім сваім жаданні гэтая дзяржава зруйнаваць беларускую праваабарончую супольнасць.

Мы часта чуем выказванні кшталту “вось вы змагаецеся, змагаецеся, а смяротнае пакаранне ўсё яшчэ не адмянілі”, але трэба разумець, якая доўгая праца за гэтым стаіць: падрыхтоўка глебы, фарміраванне грамадскай свядомасці. Зразумець, наколькі складаная і тытанічная праца праваабаронцаў, можна толькі папрацаваўшы ім.

У меня шмат мараў, але самая вялікая — дачакацца змены ўлады, у выніку чаго б працы ў праваабаронцаў паменшылася бы. Хацелася бы, каб нашыя выдатныя праваабаронцы, мелі менш працы ў нашай дзяржаве. Мару, каб Беларусь стала нарэшце той, якой і называецца ў Канстытуцыі: унітарнай, дэмакратычнай, сацыяльнай і прававой”.

Сёння Міжнародны жаночы дзень усё актыўней і актыўней вяртаецца да свайго першапачатковага сэнсу — для нагадвання грамадскасці пра праблемы з правамі жанчын. Пры гэтым, жанчын нашай краіны ўсё яшчэ працягваюць віншаваць як “прадстаўніц прыўкраснага полу” і “мілых стварэнняў”. Як адзначыла ў гэтым годзе Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, “свет дамогся беспрэцэдэнтных поспехаў, але ні адна краіна не дасягнула гендэрнай роўнасці”. Ці ёсць праблемы ў гендэрных святах — паразважала праваабаронца.

“Раней я не вельмі задумвалася пра свята 8 сакавіка, і што тут ёсць нейкія праблемы. Жартуюць, што дзве нямецкія цёткі Клара і Роза, загадалі віншаваць жанчын 8 сакавіка з Міжнародным днём салідарнасці працоўных жанчын, таму яно і ўспрымалася, як камуністычнае свята. Імкненне адыйсці ад камуністычнай ідэалогіі свята, па сутнасці, прыбрала з яго і праваабарончы змест, пераўтварыўшы яго ў свята “мілых дам”. А рабіць падарункі і дарыць кветкі жанчынам не забараняецца цягам усяго года.

“Многае залежыць ад саміх жанчын — наколькі яны хочуць сябе рэалізаваць”

Цяпер справа за самімі жанчынамі, бо менавіта яны павінны вярнуць у Міжнародны жаночы дзень праваабарончы падмурак. І калі пачынаеш глядзець на гэтае свята з праваабарончага фокусу, то разумееш, наколькі беларускае грамадства кансерватыўнае, статычнае. Міжнародны дзень барацьбы за правы жанчын напоўнены стэрэатыпамі і рознымі забабонамі. Нашае грамадства рухаецца вельмі павольна ў накірунку разбурэння стэрэатыпаў.

Але думаю, што многае залежыць ад саміх жанчын — наколькі яны хочуць сябе рэалізаваць, і ці ёсць у іх, увогуле, патрэба ў гэтым. Калі ёсць жаданне, то ты будзеш бараніць свае правы, рэалізоўваць сябе як асоба, з якой будуць лічыцца. А калі няма такой патрэбы і хочацца быць залежнай, падпарадкоўвацца — будуць цярпець і падпарадкоўвацца і гэта таксама іх права”.

Источник: charter97.org.