Таццяна Севярынец: На такіх судах і смешна, і горка

ТАЦЦЯНА СЕВЯРЫНЕЦ
ФОТА: «РАДЫЁ РАЦЫЯ»

Суды ператварыліся ў фарс.

Віцебскі абласны суд пакінуў без зменаў яшчэ шэсць пакаранняў за падтрымку незалежнасці Беларусі. Шэсць штрафаў памерам ад 25-ці да 30-ці базавых велічыняў не ўдалося аспрэчыць Аляксандру Дуброўскіх, Таццяне Севярынец і Алене Янушкоўскай. Усіх трох пакаралі за ўдзел у менскіх пратэстах 20 і 21 снежня і ў віцебскай акцыі супраць паглыбленай інтэграцыі, якая прайшла 29 снежня мінулага года, паведамляе racyja.co.

Суды ператварыліся ў фарс, лічыць Таццяна Севярынец:

– Мне, ведаеце, смешна! Калі чалавек давёў краіну да калапсу, да продажу, а мы спынілі гэта сваімі пратэстамі – атрымліваецца, захавалі гэтаму чалавеку ўладу, на непрацяглы тэрмін, я спадзяюся… а нас за гэта судзяць яшчэ!

Пасяджэнні таксама ператварыліся ў фарс: выступы актывістаў перарываліся то воплескамі, то рогатам. Блогерка Алена Янушкоўская здымала ўсё гэта на відэа. Яна праігнаравала забарону суддзяў на здымкі, і лічыць, што гэта абсалютна слушны ўчынак:

– Публічнае месца, працэс не закрыты. Гэта наша права – здымаць, наша права распаўсюджваць інфармацыю! А то суддзі ставяць сябе вышэй за Канстытуцыю. Як мне сёння сказалі: гэта я вам забараняю здымаць… Галоснасць – гэта наша першая абарона. Здымайце і не палохайцеся!

Ніводзін разбор скаргаў у абласным судзе не прынёс вынікаў: усе штрафы, накладзеныя на прыхільнікаў незалежнасці, суддзі Ірына Смалякова і Святлана Іванова палічылі справядлівым пакараннем. Не згодныя з гэтым актывісты будуць рыхтаваць скаргі ў Камітэт па правах чалавека ААН. Таццяна Севярынец ужо мае такі досвед: КПЧ прызнаў, што Беларусь парушыла свае міжнародныя абавязкі па забеспячэнні правоў грамадзянкі на мірныя сходы і выражэнне ўласных меркаванняў.

Источник: charter97.org.