У гонар перамогі пад Воршай герой-афганец прабег па Берасці з бел-чырвона-белым сцягам

Аляксандр Сахарук адзначыў Дзень беларускай вайсковай славы.

Берасцеец Аляксандр Сахарук адзначыў Дзень беларускай вайсковай славы незвычайным чынам, паведамляе журналістка «Белсата» Ірына Дарафейчук.

Былы афганец зладзіў прабег ад Берасцейскай крэпасці да цэнтру гораду, ушанаваўшы гэткім чынам гадавіну знакамітай бітвы пад Воршаю.

«З сённяшняга дня гэта ў мяне будзе дзень абаронцы айчыны», – кажа Аляксандр Сахарук.

 

 

8-га верасня 1514-га года войска Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, кіраванае Канстанцінам Астрожскім, перамагло напад Маскоўскага княства.

«Гетман Астрожскі не меў выбару, трэба было спыняць ворага, які кіраваўся ўглыб краіны. І яе значэнне ў тым, што войска шматкроць меншае, сама менш у два разы меншае за войска маскоўскае – хоць некаторыя маскоўскія даследчыкі хочуць гэта зняпраўдзіць, але беспаспяхова – разграміла войска ўдвая большае», – кажа гісторык Алесь Краўцэвіч.

Бітва пад Воршаю была толькі эпізодам у серыі войнаў паміж Масквою і Вялікім княствам Літоўскім. Гісторыкі адзначаюць, што Маскоўскае княства, якое вызвалілася ад татарскай навалы, усё сваё войска кінула на захоп земляў на ўсходзе ВКЛ. Але дзякуючы вывучцы, якасці ўзбраення, тактыцы і рашучасці войска нашыя продкі здабылі не толькі перамогу на полі бою.

«У Беларусі ўжо былі друкарні, развітая культура камунікацыі, на ўсе еўрапейскія двары паляцелі рапарты, памфлеты, уся Еўропа пра гэта пісала, як гэта разграмілі. І трэба сказаць, што гэта быў такі першы прыклад удалай выйгранай інфармацыйнай вайны пасля гэтай бітвы», – дадае Краўцэвіч.

Але вайну, у якой тады перамаглі, сёння ўлады Беларусі прайграюць – дзяржава не толькі не клапоціцца пра тое, каб захаваць памяць пра перамогу беларускага войска, але і спрабуе ўсяляк перашкодзіць тым, хто хоча адзначыць яе як дзень вайсковай славы.

«З пачатку 90-ых на Крапівенскім полі на самім месцы бітвы праводзіўся фэст бардаўскай песні, гэта начны фестываль, вогнішча, усё было цудоўна, прыязджала па 300–500 чалавек. З 2007-га года пачалі перашкаджаць праводзіць, былі затрыманні нават», – кажа грамадскі актывіст Ігар Казмярчак.

Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы для святкавання, на Крапівенскае поле ў дзень бітвы і сёння прыязджаюць людзі. Не выклікае пытанне пра аршанскую бітву здзіўлення і ў менчукоў.

Гісторык Алесь Краўцэвіч лічыць, што папулярызацыі ўгодкаў Бітвы пад Воршаю спрыяе самая дзяржава, забараняючы святкаваць 8-га верасня Дзень беларускай вайсковай славы.

«Усё гэта замоўчваецца, у мяне ад гэтага, скажам, скралі гісторыю, у маіх дзяцей, і цяпер ідзе справа да ўнукаў. У мяне ёсць унукі, і я тут, каб маіх унукаў не падманулі, як падманулі мяне», – кажа актывіст прафсаюзу РЭП Аляксандр Сахарук.

Хочацца верыць, што калісьці восьмага верасня стане Днём вайсковай славы не толькі для асобных людзей, але і дзяржаўным святам для краіны.

Источник

Новостная лента