Журы назвала шорт-ліст прэміі Наталлі Арсенневай

Наталля Арсеннева
У шорт-ліст прэміі імя Наталлі Арсенневай увайшлі дзевяць паэтычных кніг.

Стаў вядомы кароткі спіс сёлетняй паэтычнай прэміі імя Наталлі Арсенневай, паведамляе “Радыё Рацыя”.

Алесь Разанаў. Перавыбранае. Выдавецтва Змітра Коласа, Менск.

Антон Францішак Брыль. Цмачанка. Выдавецтва “Янушкевіч”, Менск.

Вальжына Морт. Эпідэмія ружаў. Выдавецтва “Логвінаў”, Вільня.

Валянціна Аксак. Завінены рай. Выдавецтва “Галіяфы”, Менск.

Вольга Гапеева. Граматыка снегу. Выдавецтва “Галіяфы”, Менск.

Ігар Кулікоў. Валадар загадак. Выдавецтва “Медысонт”, Менск.

Іна Снарская. Вогнепаклонніца. Выдавецтва “Кнігазбор”, Менск.

Міхаіл Рубін. Пераклад з Іншага. “Издательские решения” па ліцэнзіі Ridero

Усевалад Сцебурака. Сны дарог. Выдавецтва “Медысонт”, Менск.

Цырымонія ўзнагароджання пераможцы адбудзецца 20 верасня а 19:00 у кафэ “Грай” (вул. Iнтэрнацыянальная, 33).


Фота: радио рацыя

Адметна, што на паэтычную прэмію, названую ў гонар зоркі беларускай эмігранцкай паэзіі Наталлі Арсенневай, сёлета прэтэндуюць тры паэт_а/_кі, якія стала жывуць за межамі Беларусі, — Антон Францішак Брыль, Вальжына Морт і Іна Снарская.

Сябрамі журы Прэміі ў 2018 годзе з’яўляюцца: паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч, літаратуразнаўца і пісьменніца Вольга Іпатава, паэт і выдавец Дзмітрый Строцаў, паэтка і перакладчыца Марыя Мартысевіч і паэтка Наста Кудасава. Сябры журы не галасуюць за кнігі, рэдактарамі якіх яны былі.

Леташняя ўдзельніца Прэміі і сёлетняя сябра журы, паэтка Наста Кудасава, адзначае: “Цешуся, што мне выпала гэтакая прыгода — пракаўтнуць столькі паэзіі за адным махам. Далягляд адкрыўся неверагодны, канечне. І ўсведамленне, наколькі ж мы багаты народ, раз маем такую размаітасць творцаў. Хочацца найперш дзякаваць усім аўтарам за сілы і крылы, за тое, што не спыняюцца адчуваць, называць, трансліраваць галоўнае.”

Літаратурная прэмія імя Наталлі Арсенневай ушаноўвае аўтара ці аўтарку найлепшай паэтычнай кнігі на беларускай мове, выдадзенай у папярэднім Прэміі годзе. Арганізатары прэміі — Беларускі ПЭН-цэнтр, ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Узнагарода ўручаецца пры падтрымцы Фонда культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонда Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі.

Прэмія заснаваная ў гонар беларускай паэткі Наталлі Арсенневай (1903—1997) у 2017 г. і ўручаецца за найлепшую паэтычную кнігу на беларускай мове. Першым лаўрэатам прэміі стаў Уладзімір Някляеў за зборнік паэзіі “Толькі вершы”.

Источник

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о

Новостная лента